Mac-камп’ютары часта служаць па 8–10 гадоў, але іх бяспека вызначаецца не станам і не хуткасцю працы, а тым, ці атрымвае сістэма актуальныя выпраўленні ўразлівасцяў.
У чым можа быць небяспека?
-
Няма абнаўленняў бяспекі
Кожнае абнаўленне macOS зачыняе дзясяткі ўразлівасцяў, уключаючы памылкі выдаленага выканання кода, праблемы ў сеткавых службах і ўразлівасці браўзара. Пасля сканчэння падтрымкі гэтыя ўразлівасці застаюцца адкрытымі назаўжды. Пры гэтым інфармацыя пра іх публічная і злачынцы актыўна выкарыстоўваюць іх у атаках.
Пакуль Apple выпускае патчы бяспекі, рызыка кантралявана, але як толькі падтрымка спыняецца, прылада робіцца ўразлівай.
Напрыклад: падтрымка macOS Catalina (2019) скончылася ў 2022, а macOS Big Sur (2020) — скончылася ў 2024. Калі Mac затрымаўся на Catalina ці больш старой версіі, то ён найхутчэй небяспечны.
Перайдзіце ў «Налады сістэмы» → «Агульныя» → «Абнаўленне праграмнага забеспячэння», каб праверыць наяўнасць новых версій. Калі ваш Mac затрымаўся на старой версіі АС і не можа абнавіцца, напэўна, ён не падтрымваецца Apple. Майце на ўвазе, што паведамленне «Ваш Mac абноўлены» можа азначаць толькі «абноўлены для вашай мадэлі», а не «абноўлены да найноўшай версіі macOS, якая атрымлівае патчы бяспекі».
Важна разумець: ваша асцярожнасць і нават антывірус не прыбіраюць гэтай праблемы. Калі ўразлівасць знаходзіцца на ўзроўні сістэмы ці браўзара, яе эксплуатацыя можа адбывацца без якіх-небудзь заўважных прыкмет.
-
Старое жалеза не падтрымвае новыя механізмы бяспекі
У новых Mac абарона дадзеных часткова рэалізавана на ўзроўні самай прылады, а не толькі праграмна. Старыя мадэлі Mac фізічна не падтрымваюць гэтых тэхналогій. У выніку нават пры акуратнай эксплуатацыі ўзровень абароны вашага камп’ютара першапачаткова ніжэй, чым у сучасных мадэляў, а з кожным годам разрыў толькі павялічваецца.
То бок, сучасныя Mac лепш бароняць дадзеныя нават у выпадку крадзяжу ці фізічнага доступу да камп’ютара.
-
Састарэлае праграмнае забеспячэнне як дадатковая крыніца пагроз
Распрацоўнікі дадаткаў (асабліва браўзараў) спыняюць падтрымку старых macOS. Адсутнасць абнаўленняў браўзара азначае ўразлівасці ў HTTPS, JavaScript і апрацоўцы ўэб-кантэнту. Гэта значыць, што нават пры заходзе на «звычайныя», легальныя сайты браўзар на старым Mac можа быць узламаны з-за вядомых уразлівасцяў, таму што ён больш не атрымвае выпраўленняў бяспекі.
Такім чынам, нават цалкам «працоўны» стары Mac з часам ператвараецца ва ўразлівую кропку ўваходу, незалежна ад акуратнасці карыстальніка.