Чэк-ліст па базавых наладах VPN

Апошняе абнаўленне:

10 снежня 2025

VPN – гэта асноўная прылада для абыходу блакаванняў. Але каб ён добра працаваў, трэба правільна яго наладзіць. Шмат якія функцыі залежаць ад пэўнага VPN (Tunnel Bear, NordVPN, ExpressVPN і др) і яго магчымасцяў.

Колькасць і назвы налад могуць адрознівацца ў розных VPN. 

Праверка злучэння: упэўніцеся, што VPN падлучаны да пачатку працы. Гэта важна: часам дадаткі могуць адключацца ці працаваць некарэктна.

Выбар сервера: абірайце сервер, які геаграфічна да вас бліжэй, так вы мінімізуеце затрымку і хуткасць будзе вышэй. Лепш выбраць сервер, які знаходзіцца ў краіне з павагай да прыватнасці для абароны дадзеных (прыкладам, Швейцарыя, Ісландыя і інш.). Па магчымасці не выкарыстоўвайце перагружаныя серверы (звычайна пазначаны як high load).

DNS-абарона: праверце, ці ўжывае VPN уласныя абароненыя DNS-серверы. Нават калі ваш VPN наладжаны правільна, заўсёды карысна перыядычна правяраць, ці не выцеклі вашы DNS-запыты праз звычайнае злучэнне. 

Гэта можна зрабіць з дапамогай тэстаў на ўцечкі (ipleak.net ці dnsleaktest.com). Запусціце тэст і паглядзіце, ці адпавядаюць DNS-серверы вашаму серверу VPN. Напрыклад, вы ў Беларусі і выбралі сервер Ісландыі. Тэст павінен паказваць сервер Ісландыі і DNS Ісландыі. Калі ў вас так, значыць усё добра і ваш трафік ідзе праз VPN-сервер. Калі на сайце паказваюцца DNS-серверы вашага інтэрнэт-правайдара ці месцазнаходжанне не адпавядае абранаму серверу VPN, значыць ёсць праблема з уцечкай DNS. Паспрабуйце перазагрузіць VPN, выбраць іншы сервер (краіну) ці ў крайнім выпадку ўсталяваць іншы VPN.

Пратакол VPN: розныя пратаколы прапануюць розныя ўзроўні бяспекі, хуткасці і сумяшчальнасці:

  • OpenVPN: надзейны і бяспечны, але можа працаваць павольней з-за высокай нагрузкі.
  • WireGuard: сучасны, хуткі і лёгкі пратакол з моцнай крыптаграфіяй, адзін з лепшых варыянтаў.
  • IKEv2/IPSec: стабільны і асабліва добра падыходзіць для мабільных прылад дзякуючы хуткаму аднаўленню злучэння.
  • PPTP: састарэлы і небяспечны, не рэкамендуецца да выкарыстання.
  • L2TP/IPSec: бяспечней за PPTP, але саступае сучасным пратаколам і ўжываецца толькі пры нябытнасці альтэрнатыў.

Калі ваш VPN дазваляе выбраць пратакол, аддавайце перавагу OpenVPN, WireGuard ці IKEv2/IPSec. Калі выбару няма, выкарыстоўвайце пратакол па змаўчанні — ён звычайна аптымізаваны пад сэрвіс.

Шыфраванне трафіку: калі ў вашым VPN можна выбраць узровень шыфравання, лепш выкарыстаць AES-256 для максімальнай бяспекі, хоць AES-128 можа быць трохі хутчэй і гэта нармальны выбар для меней магутных прылад.

Звярніце ўвагу, што некаторыя сучасныя пратаколы (прыкладам, WireGuard) скарыстаюць не AES, а ChaCha20, які забяспечвае такую ж высокую бяспеку і лепшую прадукцыйнасць на мабільных прыладах.

Блакаванне трафіку пры адключэнні VPN: калі па нейкіх прычынах сувязь з VPN-серверам губляецца, гэта функцыя будзе аўтаматычна блакаваць інтэрнэт-злучэнні, каб абараніць вашу прыватнасць. Яна можа называецца па-рознаму, у залежнасці ад вашага VPN: Kill Switch, Network Lock, VigilantBear і тд.

Аўтазапуск VPN: наладзьце VPN на аўтаматычнае падлучэнне пры запуску прылады. Гэта зручна і зніжае рызыку выпадковага выхада ў інтэрнэт без VPN.

Адключыце Split Tunneling (калі даступна): функцыя дазваляе абіраць, якія дадаткі ці сайты ідуць праз VPN, а якія наўпрост. Калі ўключана, то частка дадзеных можа праходзіць міма VPN. Для большай прыватнасці лепш, каб увесь трафік ішоў праз VPN.

Не ўсе функцыі даступныя ўва ўсіх VPN, і гэта нармальна. Важна ўжываць максімум магчымасцяў з даступных і камбінаваць іх з вонкавымі мерамі абароны. 

Калі ў вас ёсць пытанне па канкрэтным VPN – напішыце нам і мы дапаможам разабраць яго асаблівасці.