Пра нас

Кібер Бабёр — гэта ініцыятыва, створаная ў 2021 годзе спецыялістамі і спецыялісткамі па лічбавай бяспецы. Мы дапамагаем пабудаваць бяспечную прастору для карыснай грамадскай дзейнасці, а таксама даем парады і інструменты, каб кожны і кожная маглі абараніць сябе ад лічбавых пагроз.

Мы ствараем карысны кантэнт — артыкулы, парады, чэк-лісты, інструкцыі з наладамі — і пашыраем веды пра бяспеку праз нашыя акаунты ў Telegram і Instagram. Да нас звяртаюцца медыя, каб атрымаць экспертны каментар па лічбавай бяспецы ці зрабіць супольныя матэрыялы для сваёй аудыторыі. Мы праводзім трэнінгі для арганізацый, ініцыятыў і супольнасцяў, дапамагаем ім сфармуляваць рызыкі і разам знайсці рашэнні.

Мы прасоўваем чалавекацэнтрычны і комплексны падыход, які ўлічвае патрэбы і магчымасці розных людзей, а таксама непадзельную ўзаемасувязь псіхалагічных, фізічных, інфармацыйных і прававых аспектаў бяспекі. У сваёй працы мы выкарыстоўваем эфектыўныя анлайн- і афлайн-методыкі, негвалтоўную камунікацыю і вялікі беларускі і міжнародны досвед кансультантаў і кансультантак, з якімі супрацоўнічаем. Уся нашая дапамога робіцца канфідэнцыйна і, калі гэта магчыма, ананімна. Яна бясплатная для асобных людзей, а ў большасці выпадкаў і для беларускіх ініцыятыў і арганізацый.

Якую дапамогу вы можаце атрымаць

  • Калі вы шукаеце агульныя парады па лічбавай бяспецы, пагартайце гэты сайт, магчыма, вы знойдзеце адказы на вашыя пытанні ў раздзелах Налады, дзе сабраныя інструкцыі са скрыншотамі па наладах бяспекі для асобных сервісаў, мэсэнджараў і дэвайсаў. Больш грунтоўныя тлумачэнні аб пагрозах і метадах працы з імі вы знойдзеце ў раздзеле Артыкулы і чэклісты.
  • Калі вы не знайшлі адказы на сайце, заблыталіся ці маеце патрэбу разабраць нестандартную сітуацыю, звяртайцеся ў бяспечны Telegram-бот Кібер Бабра , каб атрымаць бясплатную індывідуальную кансультацыю на беларускай або рускай мове. Людзі звяртаюцца да нас з самымі рознымі пытаннямі і атрымліваюць тлумачэнні, інструкцыі падказкі па магчымых пагрозах і спасылкі на карысныя інструменты. Але мы не «прабіваем» людзей па базах, не дэанонім акаунты, не вучым хакінгу і іншым нелегальным практыкам.
  • Калі вы робіце ці збіраецеся рабіць нейкую карысную для грамадства справу разам з іншымі людзьмі і хочаце рабіць гэта бяспечна, мы таксама будзем радыя дапамагчы. Гэта можа быць кароткая кансультацыя або працяглая праца з вашымі рызыкамі, правіламі бяспекі, наладамі інструмантаў і трэнінгамі для каманды. Гэта не чароўная пілюля, якая вырашыць усе вашыя праблемы, але добры штуршок для таго, каб фарміраваць культуру бяспекі ў вашай камандзе або паглядзець на існуючыя практыкі свежым поглядам.
  • Калі каманда вашай ініцыятывы, некамерцыйнай арганізацыі ці рэдакцыі адчувае, што вам для ўпэўненасці не хапае ведаў пра сучасныя пагрозы і карысныя інструменты, вы можаце звярнуцца да нас з запытам на трэнінг. Праграма будзе распрацаваная пад вашыя патрэбы і ўзровень падрыхтоўкі.

GDPR і лічбавая прыватнасць для НДА

Мы дапамагаем разабрацца з вашымі правіламі і працэсамі апрацоўкі персанальных даных, каб вы не толькі маглі з чыстым сумленнем глядзець у вочы прыхільнікаў і карыстальніц вашых сервісаў, але і адпавядалі патрабаванням закона.

Калабарацыі з медыя

Мы адкрытыя да самых розных варыянтаў узаемадзеяння з медыя. Патрэбны экспертны каментар па пытаннях лічбавай бяспекі? Мы знойдзем вам адмыслоўцаў па самай складанай тэме. Хочаце падрыхтаваць гайд для вашых чытачоў? Мы дапаможам яго скласці і вычытаць. Карткі ў Інстаграме? Відэаінструкцыі? Напішыце да нас у Telegram-бот ці на пошту cyberbeaverhelp@gmail.com  і давайце рабіць разам. Таксама вы можаце бескаштоўна перарабліваць і публікаваць любыя нашыя матэрыялы з актыўнай спасылкай на нас, бо ўсе нашыя матэрыялы публікуюцца пад свабоднай ліцэнзіяй Creative Commons

Для візуальных матэрылаў, калі ласка, выкарыстоўвайце нашы лагатыпы і брэндбук