Метаданыя фотаздымкаў: схаваная інфармацыя, якая можа вас дэананімізаваць

Апошняе абнаўленне:

27 лютага 2026

  • Артыкулы
  • Метаданыя фотаздымкаў: схаваная інфармацыя, якая можа вас дэананімізаваць

Метаданыя — гэта службовая інфармацыя, якая аўтаматычна захоўваецца ў файле. Яна прысутнічае ў фотаздымках, відэа, дакументах (PDF, Word), аўдыяфайлах і іншых фарматах.

Метаданыя могуць утрымліваць:

  • дакладныя GPS-каардынаты здымкі;
  • дату і час стварэння;
  • мадэль прылады;
  • серыйныя нумары;
  • імя ўладальніка прылады або аўтара дакумента;
  • гісторыю рэдагавання;
  • назву арганізацыі (у офісных дакументах).

Нават калі вы нічога не напісалі ў тэксце і не паказалі свой твар, метаданыя ўсё роўна могуць раскрыць больш, чым сам файл.

Метаданыя дазваляюць:

  • вызначаць вашу геалакацыю;
  • вызначаць, дзе вы жывяце або дзе рэгулярна бываеце;
  • звязваць розныя ананімныя публікацыі на аснове мадэлі прылады;
  • пацвярджаць, што файл быў створаны пэўнай асобай або арганізацыяй;
  • даказваць час і месца здымкі.

Гэта можа прывесці да дэананімізацыі крыніцы, усталявання кантактаў і нават фізічных пагроз. Калі рызыка высокая, метаданыя варта выдаляць перад кожнай публікацыяй або перадачай файла.

Як выдаліць метаданыя ў фотаздымках

  • iPhone/iPad

Выдаленне геалакацыі:

  1. Адкрыйце дадатак «Фотаздымкі» і выберыце выяву.
  2. Націсніце кнопку інфармацыі або правядзіце пальцам уверх.
  3. Націсніце «Рэдагаваць» і выберыце «Выдаліць геатэгі».

Важна: гэта выдаляе толькі даныя пра месцазнаходжанне. Іншыя метаданыя (мадэль прылады, дата і г.д.) могуць застацца.

Каб цалкам адключыць геалакацыю для камеры, перайдзіце: Налады → Канфідэнцыяльнасць і бяспека → Сэрвісы геалакацыі → Камера → Ніколі.

  • Android

Назвы элементаў могуць адрознівацца ў залежнасці ад версіі сістэмы.

Выдаленне геалакацыі:

  • Адкрыйце праграму «Галерэя» і выберыце фотаздымак.
  • Націсніце на тры кропкі і адкрыйце раздзел «Падрабязнасці»/«Інфармацыя».
  • Выдайце даныя геалакацыі і захавайце змены.

Каб цалкам адключыць геалакацыю для камеры, перайдзіце: Налады → Праграмы → Камера → Дазволы → Адключыць доступ да геалакацыі.

Звярніце ўвагу: калі фотаздымак сінхранізаваны з воблакам або адрэдагаваны з дапамогай праграм іншых вытворцаў, ранейшая версія можа быць захавана.

Дадатковыя меры для высокай рызыкі

  • Зрабіце скрыншот фота і адпраўце яго замест арыгінала.
  • Выкарыстоўвайце месенджэры, якія аўтаматычна выдаляюць метаданыя пры адпраўцы. Яны таксама сціскаюць файл і яшчэ больш скарачаюць метаданыя. Але калі вы адпраўляеце файл як «дакумент», метаданыя могуць захавацца.
  • Праверце ўласцівасці файла перад адпраўкай (на камп’ютары — «Уласцівасці» → «Падрабязнасці»).
  • Выкарыстоўвайце прафесійныя інструменты для ачысткі метаданых, такія як ExifTool або MAT2 (Metadata Anonymisation Toolkit). Апрацоўка файла павінна праводзіцца па-за сеткай, на надзейнай прыладзе, без загрузкі на іншыя анлайн-сэрвісы. Не выкарыстоўвайце сумнеўныя і неправераныя праграмы для ачысткі метаданых, бо яны могуць збіраць вашы файлы або ўтрымліваць шкоднасны код.