Воблачнае сховішча iCloud заўсёды было зручным, але небяспечным месцам для захоўвання вашых файлаў — у ім захоўваліся файлы ў незашыфраваным выглядзе. Калі вашы файлы захоўваюцца дзесьці на серверах кампаніі ў адкрытым выглядзе, ёсць рызыка, што да іх атрымаюць доступ хакеры, якія могуць пракрасціся ў інфраструктуру кампаніі, ці сама кампанія іх перадасць трэцім асобам.
Што змянілася?
Цяпер мы можам абіраць: шыфраваць ці не шыфраваць дадзеныя iCloud.
Магчымасць выкарыстоўваць скразное шыфраванне для iCloud азначае, што паролі Keychain, прылады і рэзервовыя копіі паведамленняў, нататак, фатаграфій, галасавых нататак і шмат чаго іншага будуць нашмат лепш абаронены ад трэціх асоб пры захоўванні або сінхранізацыі праз iCloud. Згодна з абяцанням, нават Apple не зможа атрымаць доступ да вашых дадзеных у воблаку. Гэта ўсё дзякуючы таму, што ключы для расшыфроўкі кантэнту будуць захоўвацца на вашых прыладах. Гэта важная і доўгачаканая змена!
Дзе знайсці?
Apple запусціла Advanced Data Protection для карыстальнікаў Mac, iPhone і iPad. Каб уключыць яго, карыстачы павінны зайсці ў свае налады iCloud, прагартаць ніжэй да “Пашыраная абарона дадзеных” (Advanced Data Protection) і прытрымлівацца інструкцый на экране.
Важна! Прылады павінны быць абноўлены да апошняй версіі даступных аперацыйных сістэм.