Варта памятаць, што, калі набываем новы Мac, iPhone, iPad ці іншую прыладу кампаніі Apple, мы звычайна атрымліваем і воблачнае сховішча, з якім прылада па змаўчанні сінхранізуецца. Таму, калі мы жадаем быць упэўненыя ў абароненасці дадзеных на нашай прыладзе, варта таксама наладзіць абарону iCloud.
iCloud — гэта воблачнае сховішча накшталт Google Drive або Dropbox, якое дазваляе больш зручна карыстацца прыладамі кампаніі Apple.
Калі вы баіцеся разам з вашым камп’ютарам страціць свае фота, відэа, дакументы, кантакты і захаваныя паролі, варта выкарыстоўваць сінхранізацыю гэтых дадзеных у iCloud. Калі вы не жадаеце, каб ваша інфармацыя з прылады пападала ў воблачнае сховішча, сінхранізацыю варта адключыць. Але ўпэўніцца, што менавіта сінхранізуецца, адназначна трэба.
Як праверыць, якія менавіта дадзеныя з вашага Macbook сінхранізуюцца ў iCloud?
- Націсніце на «яблычак» у левым верхнім куце экрана і абярыце ў меню «Сістэмныя наладкі» (System Preferences).
- У якое адкрылася акне абярыце абразок Apple ID.
- Праверце па шкале ўнізе панэлі, ці ёсць у вас у iCloud вольнае месца і якімі тыпамі дадзеных занята сховішча.
- Праверце, якія менавіта праграмы і файлы сінхранізуюцца з iCloud (фота, гісторыя праглядаў і закладкі Safari, звязак ключоў, праграма Find My Mac) і выключыце тыя, якія вы не жадаеце сінхранізаваць з iCloud.
Калі вы карыстаецеся бясплатнай версіяй iCloud (5 Гб месцы), не збіраецеся дакупляць больш памяці і ўсё змесціва занята, варта нешта адключыць, каб вызваліць месца ў iCloud.