У Windows ёсць ўліковыя запісы з рознымі правамі ў сістэме: Стандартны і Адміністратар.
Стандартны карыстальнік можа працаваць ва ўсталяваных праграмах, ствараць і выдаляць файлы, выкарыстоўваць браўзер, наладжваць выгляд працоўнага стала і г. д. Але для таго, каб усталяваць ці выдаліць праграмы, а таксама ўнесці істотныя змены ў наладах Windows, патрэбна мець правы менавіта Адміністратара.
Карыстальнікі аперацыйных сістэм MacOS і Linux па змаўчанні працуюць з уліковага запісу без праў адміністратара — пры ўсталяванні праграм ці змене налад ім трэба ўвесці пароль адміністратара. Карыстальнікам Windows гэта трэба наладжваць асобна.
Нават калі гаворка ідзе пра ваш персанальны камп’ютар, за якім больш ніхто не працуе, добрай практыкай будзе праца пад уліковым запісам без праў Адміністратара. Гэта трэба найперш для таго, каб зменшыць рызыку заражэння шкодным праграмным забеспячэннем. Нават калі вірус трапіў у ваш камп’ютар, без праў Адміністратара ў яго нашмат менш шанцаў нанесці вам шкоду. Для абароны ад заражэння шкоднымі праграмамі гэта важней, чым мець запушчаны антывірус.
Як наладзіць працу за камп’ютарам з правамі Стандартнага карыстальніка на ўжо наяўнай сістэме, без патрэбы нешта пераўсталёўваць?
Для пачатку мы ствараем новага карыстальніка (назавём яго Admin) і надзяляем яго правамі адміністратара. Пасля гэтага мы зніжаем правы свайго ўліковага запісу (Beaver) да Стандартнага.
- Націсніце значок Windows («Пуск») і абярыце значок зубістага колца («Параметры»);
- Абярыце «Уліковыя запісы» → «Іншыя карыстальнікі» (у некаторых версіях Windows пункт можа быць адзначаны як «Іншыя людзі» ці «Сям’я і іншыя карыстальнікі»);
- Абярыце «Дадаць уліковы запіс» (у некаторых версіях Windows гэта трэба шукаць у частцы «Працоўныя ці навучальныя карыстальнікі» → «Дадаць працоўны ці навучальны ўліковы запіс»);
- У наступным акне абярыце «У мяне няма ўліковых дадзеных гэтага чалавека» (не ўводзьце тут вашу электронную пошту, бо давядзецца дадаткова наладжваць абарону анлайн уліковага запісу Microsoft);
- Абярыце «Дадаць карыстальніка без уліковага запісу Microsoft»;
- Увядзіце імя новага карыстальніка (у нас гэта Admin), а поле «Пароль» пакіньце пакуль незапоўненым;
- Абярыце ўліковы запіс Admin і націсніце «Змяніць тып уліковага запісу»;
- Змяніце тып уліковага запісу на «Адміністратар» у прапанаваным спісе;
- Далей нам патрэбна хаця б адзін раз увайсці ў новы ўліковы запіс Admin. Для гэтага націсніце значок Windows («Пуск»), абярыце значок «Карыстальнікі» і націсніце на імя карыстальніка (у нашым выпадку гэта Admin);
- Абярыце «Увайсці». За некалькі хвілін уліковы запіс загрузіцца. У наступным акне адключыце лішнія функцыі тэлеметрыі Windows (можна адключыць усе).
Наступным крокам будзе ўсталяванне пароля на новы ўліковы запіс Admin.
Гэты пароль спатрэбіцца пры ўсталяванні праграм ці змене налад сістэмы.
Калі гэта ваш персанальны камп’ютар — прыдумайце ўласны пароль і надзейна яго захавайце. Калі вы наладжваеце камп’ютары ў сваёй арганізацыі — вырашыце для пачатку, ці варта карыстачам даваць паролі ад уліковага запісу з правамі Адміністратара і ці зможаце вы ў час рэагаваць на праблемы карыстальнікаў, якія не будуць мець праў Адміністратара.
Далей трэба змяніць наш уліковы запіс (у нашым выпадку гэта Beaver), у якой мы звыклі працаваць, і панізіць правы да Стандартнага карыстальніка.
Для гэтага:
- Абярыце «Іншыя карыстальнікі» у наладах «Уліковыя запісы».
- Абярыце імя вашага сталага ўліковага запісу Beaver, націсніце кнопку “Змяніць тып уліковага запісу» і змяніце тып на «Стандартны карыстальнік».
- Пасля гэтага перазагрузіце камп’ютар і ўвайдзіце, як звычайна, у свой уліковы запіс Beaver.
- Вашы дадаткі, іконкі і дакументы на месцы, нічога не змянілася. Аднак, калі вы захочаце ўсталяваць нейкую праграму, сістэма спытаецца ў вас пароль ад уліковага запісу адміністратара Admin.
Ва ўліковы запіс Admin больш не трэба ўваходзіць, хіба што ў крайнім выпадку для вырашэння праблем з сістэмай.
Па падобным прынцыпе можна наладзіць некалькі ўліковых запісаў для блізкіх ці калег — у кожнага будзе свой уласны пароль на ўваход, асобны Працоўны стол і налада праграм. Пры гэтым мэтазгодна нікому не даваць пароль Адміністратара. Калі некаму патрэбна нешта ўсталяваць — хай звернуцца да вас.