Калі вы зачынілі ўкладку ці акно браўзара, гэта не значыць, што вы выйшлі са свайго акаўнта. Кожны, хто сядзе пасля вас за кампутар, зможа зайсці ў ваш акаўнт Google, пачытаць пошту ці паглядзець змесціва Google-дыска. Асабліва рызыкоўна, калі гэта чужы кампутар. Таму, калі гэты кампутар выкарыстоўвае яшчэ нехта, апроч вас, пасля завяршэння працы варта выходзіць са свайго акаўнта.
Як выйсці з уліковага запісу ў браўзарнай версіі Gmail?
Для гэтага ў акне Gmail націсніце на фота карыстача ці ініцыялы ва ў правым верхнім куце і ў меню, якое з’явіцца, абярыце «Выйсці».
Як выйсці з уліковага запісу дыстанцыйна і праверыць, дзе яшчэ актыўны ваш акаўнт, у браўзарнай версіі Gmail?
- У акне Gmail націсніце на фота карыстача ці ініцыялы ва ў правым верхнім куце і ў меню, якое з’явіцца, абярыце «Кіраванне акаўнтам Google».
- У акне налад уліковага запісу выберыце ўкладку «Бяспека». Таксама вы можаце трапіць сюды па спасылцы https://myaccount.google.com/security
- Акно налад бяспекі прагартайце трохі ўніз, у падзел «Вашы прылады». Знайдзіце пад ім надпіс «Вашы прылады» і націсніце на яго.
- Калі вы не пазнаеце штосьці з прылад, клікніце на дзіўную прыладу і абярыце кнопку «Бачыце незнаёмую інфармацыю?», далей «Выйсці на гэтай прыладзе».
Дадаткова вы можаце выйсці з уліковага запісу ўва ўсіх браўзарах, апроч таго, у якім вы цяпер працуеце. Для гэтага прагартайце ўніз акно пошты Gmail, у ніжнім правым куце будзе надпіс «Дэталі». Націсніце на яе, а потым «Выйсці з усіх вэб-сеансаў Gmail». (Такой кнопкі можа не быць, калі ў вас няма адкрытых сеансаў).
На жаль, не ўсе функцыі ў Gmail дасяжныя на беларускай мове, таму некаторыя скрыншоты гэтай інструкцыі зроблены на расейскай мове.