На жаль, на дадзены момант Instagram недасяжны на беларускай мове, таму скрыншоты гэтай інструкцыі зроблены на расейскай мове.
Самая распаўсюджаная атака на ўліковы запіс — гэта фішынгавыя (махлярскія) лісты.
Мэта злачынца — прымусіць вас хутка, асабліва не задумваючыся, перайсці па спасылцы і ўвесці свой пароль. Візуальна і па змесце фішынгавыя лісты могуць быць падобнымі да сапраўдных лістоў ад Instagram. Звычайна фішынгавыя лісты палохаюць карыстача: напрыклад, паведамляюць, нібыта ад вашага імя рассылаўся спам, ці вы парушылі нейкі з пунктаў карыстацкага пагаднення, ці нехта даведаўся на ваш пароль, таму яго трэба тэрмінова памяняць.
Як працуе фішынг?
- Злачынец стварае сайт, які візуальна імітуе, напрыклад, старонку ўваходу ў Instagram;
- Вам дасылаюць ліст, якім падахвочваюць перайсці на падроблены сайт;
- На падробленым сайце вас просяць увесці логін і пароль, які адразу ж атрымаюць злачынцы.
Зараз Instagram не адпраўляе сэрвісных паведамленняў, паведамленняў пра блакаванне акаўнта ці ўваходу ў акаўнт у дырэкт карыстачам ці каментары пад пастамі.
Для абароны ад фішынгу Instagram дае магчымасць паглядзець усе лісты, якія сэрвіс сапраўды вам дасылаў.
Як праверыць, якія лісты дасылаў вам Instagram?
- Націсніце значок чалавечка (на iPhone) або свой аватар (на Android ) ў правым ніжнім куце экрана, каб перайсці ў свой профіль;
- Націсніце на тры гарызантальныя палоскі ў правым верхнім куце экрана і абярыце «Налады і прыватнасць» і перайдзіце ў раздзел «Цэнтр акаўнтаў»;
-
Далей перайдзіце ў Цэнтр акаўнтаў → Пароль і бяспека → Нядаўнія электронныя лісты і вы ўбачыце ўсе паведамленні, якія вам дасылаў Instagram.