Фішынг у Instagram

Апошняе абнаўленне:

31 кастрычніка 2023

На жаль, на дадзены момант Instagram недасяжны на беларускай мове, таму скрыншоты гэтай інструкцыі зроблены на расейскай мове.

Самая распаўсюджаная атака на ўліковы запіс — гэта фішынгавыя (махлярскія) лісты.

Мэта злачынца — прымусіць вас хутка, асабліва не задумваючыся, перайсці па спасылцы і ўвесці свой пароль. Візуальна і па змесце фішынгавыя лісты могуць быць падобнымі да сапраўдных лістоў ад Instagram. Звычайна фішынгавыя лісты палохаюць карыстача: напрыклад, паведамляюць, нібыта ад вашага імя рассылаўся спам, ці вы парушылі нейкі з пунктаў карыстацкага пагаднення, ці нехта даведаўся на ваш пароль, таму яго трэба тэрмінова памяняць.

Як працуе фішынг?

  • Злачынец стварае сайт, які візуальна імітуе, напрыклад, старонку ўваходу ў Instagram;
  • Вам дасылаюць ліст, якім падахвочваюць перайсці на падроблены сайт;
  • На падробленым сайце вас просяць увесці логін і пароль, які адразу ж атрымаюць злачынцы.

Зараз Instagram не адпраўляе сэрвісных паведамленняў, паведамленняў пра блакаванне акаўнта ці ўваходу ў акаўнт у дырэкт карыстачам ці каментары пад пастамі.

Для абароны ад фішынгу Instagram дае магчымасць паглядзець усе лісты, якія сэрвіс сапраўды вам дасылаў.

Як праверыць, якія лісты дасылаў вам Instagram?

  1. Націсніце значок чалавечка (на iPhone) або свой аватар (на Android ) ў правым ніжнім куце экрана, каб перайсці ў свой профіль;
  2. Націсніце на тры гарызантальныя палоскі ў правым верхнім куце экрана і абярыце «Налады і прыватнасць» і перайдзіце ў раздзел «Цэнтр акаўнтаў»;
  3. Далей перайдзіце ў Цэнтр акаўнтаў → Пароль і бяспека → Нядаўнія электронныя лісты і вы ўбачыце ўсе паведамленні, якія вам дасылаў Instagram.