Навошта чысціць гісторыю браўзера?

Апошняе абнаўленне:

1 мая 2024

  • Артыкулы
  • Навошта чысціць гісторыю браўзера?

Што ўключае ў сябе гісторыя браўзера?

Гісторыя браўзера — гэта інфармацыя пра пашуковыя запыты, наведаныя старонкі ў інтэрнэце і некаторыя дзеянні на іх. Як толькі мы адпраўляем запыт у пошукавіку, браўзер пачынае фіксаваць нашыя дзеянні (напрыклад, пераход па спасылцы, увядзенне лагіна і пароля) і дадзеныя (напрыклад, візуальнае напаўненне сайта, адрэса для дастаўкі пасылкі). Розныя браўзеры могуць захоўваць розныя дадзеныя, уключаючы:

  • старонкі, якія вы наведвалі;
  • гісторыю спамповак;
  • логіны, паролі, нумары картак, адрэсы для аўтазапаўнення;
  • файлы cookie (падрабязней у нашым канале);
  • кэшаваныя відарысы і файлы (напрыклад, лагатыпы навінавых сайтаў).

Захаваная гісторыя браўзера дадае камфорту ў інтэрнэце: не трэба нанова ўводзіць логіны і паролі, дадзеныя картак і адрэса дастаўкі падчас анлайн-пакупак запаўняюцца аўтаматычна, выпадкова закрытыя ўкладкі можна нанова адкрыць, рэклама падабраная адмыслова для вас. Негатыўны бок захаванай гісторыі браўзера — пагроза канфідэнцыйнасці і бяспецы, калі ваш камп’ютар ці тэлефон трапіць у рукі зламыснікаў.

Навошта чысціць гісторыю браўзера?

  • Каб абараніць свае акаўнты. Калі вы маеце дастаткова сур’ёзную рызыку таго, што вашу прыладу забяруць ці скрадуць, выдаленне логінаў і пароляў з гісторыі браўзера не даст злачынцам увайсці ў вашу пошту, сацыяльныя сеткі і іншыя акаўнты. Выдаленне дадзеных для аўтазапаўнення захавае вашы дадзеныя для аплаты, адрэсы для даставак і іншую інфармацыю канфідэнцыйнай.
  • Каб абараніць сябе ад пераследу. Калі вы чытаеце ці чыталі раней навіны на ресурсах, якія прызнаныя экстрэмісцкімі, па гісторыі браўзера гэта можна вызначыць. А захаваныя ў кэшы лагатыпы і фотаздымкі з вадзянымі знакамі могуць быць разгледжаны як захоўванне забароненых матэрыялаў.
  • Каб абараніць сваю гісторыю пошука на сумесных прыладах. Напрыклад, у вас у сям’і ёсць агульны планшэт, а вы нядаўна шукалі што падарыць на гадавіну шлюба. Калі гісторыю браўзера не выдаліць, то старонкі з варыянтамі падарункаў могуць з’яўляцца ў радку пошуку ці ў якасці рэкламы. Ці вы карыстаецеся агульным камп’ютарам у бібліятэцы і не хаціце, каб іншыя людзі пасля вас ведалі вашу сферу інтарэсаў. Выдаленне гісторыі пошуку дапаможа ў гэтым.
  • Каб паскорыць працу браўзера і прылады. Калі гісторыю не чысціць, яна накопліваецца і займае месца на прыладзе.

Што важна памятаць пры выдаленні гісторыі браўзера?

  • Захавайце ўсе важныя логіны і паролі, а таксама важныя старонкі. Выдаленне гісторыі браўзера — дзеянне незваротнае. Без спецыяльных ведаў і праграм можа не атрымацца яе аднавіць нават у спецыялістаў.
  • Пры ачыстцы гісторыі запампаваных файлаў з браўзера выдаліцца іх спіс і факт спампоўвання, але самі запампаваныя файлы застануцца на вашай прыладзе. Калі неабходна, выдаліце іх з папкі загрузак.
  • Захаваныя закладкі не выдаляюцца пры ачыстцы браўзера. Іх неабходна выдаляць уручную ці праз ачыстку ўсіх дадзеных у наладах дадатку на мабільных прыладах.
  • Калі вы карыстаецеся Google Chrome, пошукавыя запыты, месцазнаходжанне, налады галасавога кіравання могуць захоўвацца не толькі ў браўзеры, але і ў акаўнце Google. Каб спыніць запіс гісторыі прылад і пошуку, прайдзіце па спасылцы myactivity.google.com → пры неабходнасці ўвайдзіце ў акаўнт → націсніце на «Гісторыя прылад і вэб-пошуку» → націсніце на «Адключыць» і абярыце «Адключыць функцыю і адключыць гісторыю».
    Калі запіс гісторыі быў адключаны, але частка гісторыі захавалася, то перайдзіце па спасылцы myactivity.google.com → над спісам дзеянняў націсніце «Выдаліць» → абярыце «За ўвесь час» → націсніце «Далей» → «Выдаліць».

Калі вы хочаце, каб гісторыя пошуку заставалася пустой без неабходнасці чысціць яе кожны раз, раім карыстацца рэжымам інкогніта (у Safari называецца «Прыватны доступ», у Microsoft Edge — InPrivate). Рэжым інкогніта не абараняе ад збора дадзеных з боку інтэрнэт-правайдэраў, сайтаў і сеткай вайфай, але не захоўвае гісторыю наведавання сайтаў на вашым камп’ютары або тэлефоне. Падрабязней пра рэжым інкогніта ў канале