Пароль на ўваход у камп’ютар Windows

Апошняе абнаўленне:

12 лютага 2024

Пароль на ўваход у камп’ютар абараняе ад зламысніка, які мае кароткатэрміновы доступ да вашай прылады. Напрыклад, пакуль вы выйшлі выпіць каву, госць у вашым офісе не зможа сесці за ваш камп’ютар, прачытаць перапіску ў мэсэнджары, скапіяваць файлы або ўсталяваць праграму.

Як усталяваць пароль на ўваход у камп’ютар Windows?

  1. Націсніце значок Windows («Пачатак») і абярыце значок зубчастага колца («Параметры»).
  2. Абярыце «Уліковыя запісы».
  3. Абярыце «Параметры ўваходу» (або «Варыянты ўваходу»), а ў блоку «Пароль» — «Дадаць».
  4. Двойчы ўвядзіце новы пароль. У полі «Падказка» пры жаданні можаце пазначыць падказку, але пераканайцеся, што яна не будзе занадта відавочнай для зламысніка.

Каб пераправерыць, ці працуе пароль, можаце заблакаваць ваш камп’ютар пры дапамозе адначасовага націску на клавіятуры клавіш Windows + L. Цяпер пры кожным уваходзе ў сістэму, Windows будзе запытваць у вас пароль.

Пры змене ці ўсталёўцы пароля важна не забыцца на яго. Калі хвалюецеся, што забудзеце пароль, захавайце яго ў надзейным месцы, напрыклад, у мэнэджары пароляў.