Фішынг у Telegram

Апошняе абнаўленне:

26 верасня 2023

Стандартны фішынг у Telegram выглядае наступным чынам: карыстальніку прыходзіць паведамленне з запытам падтрымаць знаёмага ў конкурсе ці з тэкстам, што вам даслалі падарунак. Таксама гэта можа выглядаць як паведамленне ад верыфікаванай службы падтрымкі і пужаць блакіроўкай аккаўнта. Калі перайсьці па спасылцы, карыстальнік трапляе на фэйкавую старонку, дзе яго просяць напісаць нумар тэлефона для аўтарызацыі. Далей могуць запытаць код, які прыйшоў на тэлефон, і воблачны пароль. Карыстальнік уводзіць свае дадзеныя – і ўсё, злачынца атрымаў доступ да акаўнта.

Што рабіць, калі мне прыходзіць незвычайнае паведамленне?

— калі такое паведамленне даслаў знаёмы вам чалавек, лепей запытацца ў чалавека праз іншы канал камунікацыі, ці сапраўды ён ці ён вам штосьці даслаў, дзе трэба клікнуць і даць свае дадзеныя;
— калі вас пужаюць блакіроўкай акаўнта, можна напісаць у афіцыйную падтрымку Telegram, каб удакладніць. Хутчэй за ўсё злачынцы вас проста пужаюць;
— калі вы ўсё ж такі перайшлі па спасылцы, то раім звярнуць увагу, як выглядае сайт і якая мэта. На гэтым кроку ўжо можна заўважыць, што гэта, напрыклад, зусім не Telegram, Telegnam;
— калі ж вы ўсё ж такі даслалі свае дадзеныя, варта адразу ж праверыць і закрыць незнаёмыя сэсіі і змяніць/наладзіць воблачны пароль;
– і памятайце, што вы заўсёды можаце звярнуца да нас праз бот, каб мы падказалі вам, фішынг гэта ці не.